«ДЖО́РНАЛ ОВ БЕЛАРА́ШН СТА́ДЫЗ»
(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),
часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.Макмілін (1965—71), Дж. Дзінглі (1972—79), П.Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел. культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т.л. 2 здвоеныя.
Л.У.Языковіч.
т. 6, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)